Паўднёвая Афрыка сустрэла зусім еўрапейскімі ландшафтамі, вялізнай чаргой у аэрапорце на пашпартным кантролі, шэрым змрочным небам і лёгкім дожджыкам. Тэрмометр паказваў +18, і ў таксоўцы я ламанулася на сядзенне кіроўцы: ах, канешне ж, тут — правабаковы рух і ўвогуле ўсё тут па-іншаму і дагары нагамі. Напрыклад, адтуль бачны Паўднёвы Крыж
— ВЯЛІКІ ФОТАРЭПАРТАЖ на Еўрарадыё — || — + ПО-РУССКИ —
Адзін толькі Facebook — як у нас, і рэкламуецца вельмі шырока. На кожным рэстаране ці краме — налепка: «Зафолаў нас у Твітэры!», «Лайкні нас на Фэйсбуку!». Кошты на інтэрнэт і на тэлефонную сувязь я высвятліла, ледзь паспела мінуць дзверы аэрапорта: мабільная сувязь і мабільны інтэрнэт — вельмі высокія (каля 25€ за 1 Гб трафіку), а вось кошт на нармальны інтэрнэт — не нашмат даражэй, чым у нас.
Першы горад, які я пабачыла, — гэта самы вялікі горад Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Ёханэсбург: амаль пяцімільённы мегаполіс, самы буйны і багаты горад Паўднёвай Афрыкі, бо раней (ды і зараз!) тут здабывалася шмат золата і алмазаў. Жоўтыя пясчаныя насыпы — гэта былыя залатыя шахты. А наогул, мясцовыя называюць горад «Джоханэсбэрг» ці «Джобэрг».
Менавіта тут у 2010 годзе праводзіўся чэмпіянат свету па футболе, вось найбуйны стадыён горада, які быў пабудаваны спецыяльна пад гэтую падзею. Паводле меркавання абарыгенаў, падрыхтоўка да чэмпіянату была як буйная падрыхтоўка да нашых «Дажынак», толькі ў маштабе цэлай краіны. «Вядома, гэта было вельмі добра для нас… Пабудавалі новыя дарогі, парамантавалі будынкі, набудавалі стадыёнаў,» — кажа кіроўца аўтобусу. — «Праўда, што рабіць зараз з гэтымі стадыёнамі — незразумела, яны пустуюць». У Ёбургу цяпер два новыя стадыёны — «Сокер Сіці» і «Эліс Парк».
На другі дзень пацяплела і вылезла сонца: пры канцы тамашняга лета тэмпература сягала 27-32 градусаў, паабапал дарогі — пальмы, кусты алоэ, сіняе-сіняе неба, а на лугах — трава па пояс. Афрыканскі сняданак выглядаў прыкладна так: маракуя, манга, гуава, ананас.
У Ёбургу апынулася небяспечней, чым можна было казаць. «У цэнтр самому і нават двойкамі-тройкамі лепей не хадзіць: у мяне няма ніводнага знаёмага, хто б з’ездзіў у Ёханэсбург і не атрымаў бы ў твар,»— кажа мне прыяцель-украінец Юрась. Сапраўды, мясцовы знаёмы сказаў, што ў горадзе арудуюць банды падлеткаў: накідваюцца, б’юць і забіраюць каштоўныя рэчы, а зачэпкай як правіла з’яўляецца дарагая камера на шыі. Гістарычная памяць свежая: апынулася, што ў Ёханэсбургу 3/4 насельніцтва — чорныя, і атракцыён «пацанчык, ты з якога раёна?» працуе для белых тут штодня, асабліва ў цэнтры горада, у раёнах Хілброў і Берэя. Як вынік, белыя тусяць з белымі, а чорныя — з чорнымі, што выглядае, па шчырасці, «стромна». Змяшаных парачак па горадзе я асабіста пабачыла адзінкі. Дарэчы, адной з найвялікшых праблем усёй ПАР і, безумоўна, Ёханэсбурга з’яўляюцца ВІЧ-захворванні: 30% насельніцтва мае СНІД, а штогод у краіне памірае з паўмільёна чалавек, прычым хварэюць у асноўным чорныя…Але калі хадзіць і ездзіць вялікай групай, горад пакідае прыемнае ўражанне: усмешлівыя твары, хмарачосы і жоўтыя палосы на дарогах, як у Амерыцы, каляровыя дамы і цягнікі.
Афрыка:
Афрыка [1]: Ёханэсбург
Афрыка [2]: «Толькі для белых!»
Афрыка [3]: Ва ўнівер… без іспытаў!
Афрыка [4]: Горад-гета для чорных — цэнтр паўстання … школьнікаў!
Афрыка [5]: Узгорак Канстытуцыі і турма Мандэлы
Афрыка [6]: У госці да Караля Льва!
Афрыка [7]: Кейптаўн — горад пад самым сінім небам!
Афрыка [8]: Касмічны ландшафт Кейптаўна і Сталовая гара
Афрыка [9]: Далей — толькі Антарктыда!
Афрыка [10]: А на салодкае — пінгвіны!