Пасля вельмі урбаністычнага мегаполіса на паўднёвым захадзе краіны мы скіраваліся да краю Афрыкі, туды, дзе зліваюцца два акіяны і дзе недалёка знаходзіцца знакаміты Мыс Добрай Надзеі — у бізнэс-сталіцу Паўднёвай Афрыкі, у Кейптаўн.
— ВЯЛІКІ ФОТАРЭПАРТАЖ на Еўрарадыё —
Спачатку мы збіраліся ехаць 26 гадзін на цягніку, каб паглядзець краіну, але ў апошні момант перадумалі і вырашылі зэканоміць час самалётам. Пералёт доўжыўся 2 гадзіны, а знаёмыя нам казалі: «Будзе шалёна прыгожа пры пасадцы!». Нажаль, самалёт садзіўся ў цемры і адзінае, што я паспела заўважыць у ілюмінатар, — гэта агеньчыкі на вялікай вышыні, міма якіх мы ляцелі. «Няўжо гэта такія высокія вышкі ці будынкі?» — паспела падумаць я, і праз некалькі хвілін шасі бухнуліся на пасадачную паласу. Яшчэ не бачыўшы горад пры сонечным святле, я ўжо была ўпэўненая, што ён апынецца неверагодна прыгожым, і з такімі думкамі правалілася ў сон у хостэле.
На раніцу я пабачыла з вокнаў маленькія пагоркі і акіян удалечыні. А калі на рэцэпцыі хостэла заўважыла панараму нейкага гораду, падумала: «Хм, цікава, павесілі нейкую фантастычную іншапланетную панараму…», а потым прыгледзелася і заўважыла подпіс: «Кейптаўн». Ужо потым я даведалася, што гэтая гара ў самым цэнтры называецца Сталовай і што раней увесь горад быў пад вадой, а гэтая гара была востравам! Пазней мы на яе падымемся і паглядзім на горад з вышыні больш за 1000 м!
Горад стварыў уражанне вельмі інтэрнацыянальнага: калі ў Ёбургу было больш чорных, то тут было ўсіх рас патрошкі. Тут жыве каля 3,5 млн чалавек, клімат вельмі мяккі і, хоць мы і прыехалі бліжэй да полюсу, але халадней не стала, нават наадварот. Вада ў акіяне вельмі халодная — каля +5, ніхто не купаецца. Паветра — крыштальна чыстае, неба — неверагодна сіняе! Глядзіце самі.
Натрапілі на дзіўны квартальчык з рознакаляровымі дамамі. Проста рай для мастацкіх асобаў!
Вось так выглядае Кейптаўн з невялікага ўзгорка. Можна падняцца вышэй, на Сталовую гару, але фотаздымкі адтуль мусяць быць асобна!
Афрыка:
Афрыка [1]: Ёханэсбург
Афрыка [2]: «Толькі для белых!»
Афрыка [3]: Ва ўнівер… без іспытаў!
Афрыка [4]: Горад-гета для чорных — цэнтр паўстання … школьнікаў!
Афрыка [5]: Узгорак Канстытуцыі і турма Мандэлы
Афрыка [6]: У госці да Караля Льва!
Афрыка [7]: Кейптаўн — горад пад самым сінім небам!
Афрыка [8]: Касмічны ландшафт Кейптаўна і Сталовая гара
Афрыка [9]: Далей — толькі Антарктыда!
Афрыка [10]: А на салодкае — пінгвіны!