Калісці ў іншым жыцці, ў 2010 годзе я была ў Інданэзіі, дзе Балі знаходзіцца на зліцці двух акіянаў: Ціхага і Індыйскага. Але гэта не лічыцца, таму што тут, у Перу, я нарэшце пабачыла Ціхі Акіян сваімі вачыма, да гарызонта, цёмна-сіні, гучны і ўсхваляваны.
Едзем. Ён ужо за паваротам!
Увесь бераг пакрыты такімі каменьчыкамі, даволі вялікімі. Але гэта ніяк не зашкодзіла мне набраць некалькі для сяброў)) "Глядзі, глядзі, яна зараз пачне збіраць камяні!" — перагаворваліся сябры за спіной. — "У Беларусі што, камяні іншыя?" 🙂 "Ну канешне!" — кажу я, — "Гэтыя — чароўныя! Бо з акіяна!".
Зараз мы пойдзем у рэстаран, пачакаем 20 хв у чарзе (!) і праб'емся да ежы. Увечары — аўтобус у Іку.
Мае няўміручыя чаравічкі з Брусэля. Па якіх кантынентах яны толькі ні хадзілі ўжо 🙂
Усё. Набываем папіць перад дарогай — і імчым на аўтавакзал. Іка-кола — тая яшчэ мярзота. Калісці ў нас прадавалася газіроўка ў аўтаматах, дык вось, у познія 90я там нешта падобнае было па смаку, жоўты недалімон-недафэйры 🙂