Выстава творчасьці студэнтаў і для студэнтаў
МПГ «Студэнцкая Рада» (Мінск) і МГА «Дзедзіч» (Брэст) ладзяць конкурс працаў студэнцкай творчасьці, вынікам якога стане студэнцкая выстава напярэдадні сьвяткаваньня Міжнароднага Дня Студэнта – 17 лістапада. Выстава пад назвай “Цяжка быць студэнтам” адбудзецца 7-8 лістапада ў адным з выставачных цэнтаў Менску.
Удзельнікам конкурсу прапаноўваецца рэалізаваць сябе і свае ідэі з дапамогай фотаздымкаў,малюнкаў, карцін, вершаў і любых рэчаў, якія можна лёгка зрабіць на парах і ў вольны ад іх час і якія раскрываюць наступныя тэмы:
* правы студэнтаў ва Ўнівэрсытэце/інтэрнаце;
* адносіны ў трохкутніку студэнт-выкладчык-адміністрацыя;
* праблема самарэалізацыі/вольнага часу студэнтаў;
* беларускі студэнт і яго “адметнасьць”/студэнт Беларусі ў будучыні.
Дадзенныя тэмы не зьяўляюцца адзінымі магчымымі, таму крэатыў і цікавы падыход да прац удзельнікаў вітаецца.
Па кожным з тэматычных разьдзелаў незалежным журы зь ліку студэнтаў будуць вызначаны пераможцы. Таксама непасрэдна на самой выставе яе наведвальнікі змогуць аддаць свой голас за тую ці іншую працу, пасля чаго пераможца атрымае прыз глядацкіх сымпатыяў. Усе пераможцы будуць узнагароджанны падарункамі ад “Студэнцкай Рады” і ”Дзедзіча”.
Умовы ўдзелу:
- працы прымаюцца з 12 кастрычніка да 6 лістапада на электронную пошту student.konkurs@gmail.com з пазнакай “Конкурс”;
- памер здымкаў: 900х600 пікселяў (у асаблівых выпадках дазволена болей);
- працы павінны мець назву і кароткае апісаньне таго, што жадаў паказаць аўтар;
- у лісьце пазначце свае дадзеныя: імя, прозьвішча, узрост і тэлефон.
Па пытаньнях зьвяртайцеся праз тэл.: (МТС) (033) 664-36-48 (Віктар), (Velcom) (029) 382-90-02 (Алесь).






