Доўга не хацела пісаць гэты пост, але ўсё ж трэба. У 2006 былі мае першыя выбары. І яны, і Плошча, і тое, што было потым, і людзі, якіх я сустрэла падчас і пасля маленькай спробы рэвалюцыі – усё гэта назаўсёды і моцна змяніла і мяне, і маё жыццё. Я не шкадую ні пра секунду таго, што бачыла, ні пра секунду таго, што было. Памятаю, як пазваніла сваім лепшым сябрам у Гомель 19 сакавіка і спытала, ці варта мне ісці, бо было страшна, вельмі страшна, пасля гэтых дурацкіх смсак пра “Оппозіція готовіт кровопролітіе!”. А адзін з іх спытаў: “Гэта тое, што прымушае тваё сэрца біцца хутчэй? Гэта тое, ад чаго гараць вочы? Тады мы ўсе табе кажам – ідзі!”. А потым было расчараванне з гэтым вечным вагнём 19 сакавіка, хуткі трып дадому за цёплымі рэчамі, гарбатай і буцербродамі для сяброў, першыя затрыманні, першая раніца на Плошчы, як мы спявалі ў 6 раніцы гімн "Магутны Божа" (і такое, такое нешта было ва ўсіх гэтых вачах!!!), балет на вялікім экране першай навіной у ранішнім выпуску па БТ, ускочыць у сотку і даехаць на пару ангельскай мовы ва ўнівер, думка “А гэтыя людзі ў аўтобусе яшчэ НІЧОГА НЯ ВЕДАЮЦЬ!”, выпуск Эўраньюз на пары і мой расповед выкладчыцы і ўсёй групе пра тое, што было НАСАМРЭЧ, як адразу ўсе людзі вакол рэзка падзяліліся на сапраўдных і фальшывых, першыя расчараванні, першыя здзіўленні, зноў пасля пар на Плошчу, і зноў, і зноў, сваркі дома, “Ты – глупая, сідзі і не высоўвайся!”, “Цябе выкінуць з універа – і ты ніхто!”, сваркі, сваркі, сваркі, да слёз, да крыўд, да болю. Але дзякуючы гэтым сваркам я паабяцала не ісці на Плошчу ў ноч, калі здымалі лагер, такім чынам я не трапіла за краты, але ехала той раніцай на вучобу на той жа “сотцы” і бачыла, як на месцы лагера сідзіць з сотню галубоў, і паліліся слёзы, бо скончылася нешта наіўнае і па-дзіцячаму чыстае, бо гэта было “з балалайкай на танк”… Праз паўгады я перайшла на беларускую мову, прыйшла ў праваабарону, потым у журналістыку. З універа я ў выніку сыйшла сама, так іранічна 
Хтосці ходзіць у царкву, а хтосці – на Плошчу. І таму калі зараз я буду чуць выказванні “ідзіце, змагары, машыце флагамі, а я з попкорнам буду глядзець на цырк” ад тых, пра каго зараз я добра думаю, маё меркаванне зменіцца на супрацьлеглае раней, чым вы зразумееце, што гэта пра вас. Ня верыш – не пі*%і!