Мне 21 год і адпаведна 21 год Чарнобыльскай трагедыі, бо мы, нажаль, аднагодкі ў гэтым пляне...
Раскажу паслядоўна, што было, што бачыла асабіста я.
Прабачце, што без фота-суправаджэньня: здымала на плёнку, пасьля выходных будзе фота.
Я была каля 18-00 на Акадэміі Навук, бо ўсі сябры, зь якімі мы дамаўляліся сустрэцца на Коласа, адтэлілі мне і сказалі, што плошча перакрытая. Сьмешна й сумна адначасова, бо плошча Якуба Коласа - перасадны пункт для рознага тыпу транспарта, і тое, што яе перакрылі, было прынамсі нелагічна, бо стварылі гэтым яны складанасьці дзеля простых гараджан.
Усе мы сустрэліся на Акадэміі, белая "брахучка" даносіла да ўсіх "прапісныя ісьціны": "ты суда не хаді, ты туда хаді, а то снег в башка пападёт"... і гэтак далей - прасьцей, прасілі "паважаных грамадян" на згажанай руска-беларускай сысьці на Плошчу Бангалёр. Дарэчы, крыху пазьней гэтую самую "брахучку" абклеюць налепкамі "ЧШ-2007" - хіт сэзону, аффтару залік!!!
Напачатку падалося, што народу будзе мала, але калі ўжо мы рушылі калёнам у бок капліцы, што ля Бангалёра, стала відавочна, што народу нават занадта, бо я, ды й усе мае сябры, не чакалі, што мітынг будзе мнагалюдным. А так... Калі шчыра, то думаю, што народу было паболей, чым на дзень Волі, і настрой быў нейкі такі... баявы, нейкі нават крыху напружаны, бо калёна была надта доўгая, людзей было каля 10-000, мяркую, а йсьці нам даводзілася па нейкіх траншэях і ярах, бо ўсі сходнікі ад Акадэміі Мастацтваў да трамвайнай лініі рамантаваліся (ну, як заўжды! менавіта тут і менавіта зараз!), народ нэрваваўся.
Калі народ не вытрымаў, і прыблізна насупраць інтэрнатаў БНТУ выйшаў на праезную частку (мы йшлі глыбей, бліжэй да дамоў), там адразу пачалася мітусьня, народ пабёг адтуль да дамоў, запатыхала нейкай дрэньню і паветра стала вакол нібы запыланае: мяркую, распылілі невялічкую порцыю газы, каб папужаць, бо ў паветры лунала напружаньне....
Пакуль ішлі на каплічку, ніякіх звышнатуральных падзеяў не адбывалася. Было проста класна, бо такое надвор'е, такі пазітыў, навокал сьцягі, сьцягі, сьцягі - дыхалася так вольна, так смачна - нават на гэтай дробнай загазаванай вуліцы...
На месцы што было - не ведаю, бо гукаўзмацняльную апаратуру затрымалі, ніякіх прамоваў мы не дачуліся, пасідзелі на траве ўсі разам, запалілі побач сьвечкі, памаўчалі. Шэсьцем кіравалі, можна сказаць, моладзевыя актывісты, бо ў некаторых у руках я заўважыла гучнагаварыцелі, дык вось у адзін з такіх адзін хлопец гучна крыкнуў: "Ёсьць прапанова, арганізавана калёнай рушыць назад у бок Акадэміі Навук!" - мы адразу падхапіліся, і пайшлі мы назад, і было нас па самых сьмелых падліках каля 1500...
І тут пачалося "самае цікавае" (даруйце за чорны гумар), бо з рацый пачулася: "Так, мероприятие окончено, быстро чтоб свернули флаги свои!!!" ... Пачалі чапляцца да людзей, нават забіраць сьцягі, народ пакрысе стаў сьцягі згортваць, бо ну іх нафіг, затое мы рушым разам і згуртавана! У нашым натоўпу пачалі з'яўляцца падозраныя твары: побач з намі йшла троіца са стужкамі-сьцяжкамі, хлопцы год 25-27 з ледзянымі вачыма: ўсі хутка сьцямілі, што да чаго, і пачалі на іх касіцца. Троіца прасекла, тады адзін зь іх паварочваецца, і вымаўляе: "Ві хайсен зі?" (ням. Як тваё імя?), маўляў, я ваш, таксама фашыст! Кашмар! І такіх у натоўпу было шмат...
Калі мы дайшлі да перакрыжаваньня дарог ужо каля Макдоналдсу, нехта з нашых крыкнуў, каб не давалі падзяліць нас на маленькія групы, каб не было хапуна... Каб пераходзілі на сьветлафоры дарогу шчыльна разам і хутка. І як толькі загарэлася зялёнае, прапусьцілі праз дарогу чалавек 30 і пачалі крычаць нам:"Стойте!", але мы працягнулі рух. А калі перайшлі дарогу, былі вымушаныя чакаць хвост калёны, і вось пакуль чакалі, К.Шацікава разгарнула сьцяг! Першая рэакцыя: "Правакатар!"
Хлопцы вакол яе пачалі гуртавацца і крычаць: "Зараз будуць забіраць, абараняем сьцяг!!!" - вакол яе было чалавек 20, і разгарнулі побач з першым другі, вялікі сьцяг. Мы таксама былі ў галаве калёны, таму як пачулі, што запахла палёным, вырашылі адысьці і агледзецца, колькі ж нас. І вось тут стала зразумела, што справа нашая - херня: было максімум 100 чалавек. Але галава калёны была ваяўніча настроеная, і мы вырашылі, што сэнсу з нас там не будзе, і паціху сталі адыходзіць, як і многія іньшыя. Калёна прайшла крокаў 20 - і на іх накінуліся пакемоны ў чорным, пачалі ламаць вуды, зрываць сьцягі, адна скаціна літаральна павісла на сьцязе, людзей зьбівалі, АМАПаўцы атрымалі палкамі ад сьцягоў таксама добра, але люздей валілі на зямлю, зьбівалі... Было балюча глядзець на гэта, але за роспаччу і нямым крыкам прыйшоў страх, бо пакемоны кінуліся на нас, тых, хто стаяў недалёка. Пачаўся хапун. Мы кінуліся ў двары, я хутка згубіла з поля зроку сяброў і вырашыла, што найлепшым будзе зараз - гэта спыніцца, зьняць значкі і схаваць фоцік, бо бягун зь мяне ніякі. Потым рушыла адна ў бок тралейбуснага прыпынку, калаціла. Тэлефонілі сябры: ўсе цэлыя, дзьвюх знаёмых забралі. Адзін сказаў, што натрамбавалі 3 аўтобусы нашымі... Божачкі, ну калі ж гэта скончыцца, калі???!!!!