Ну вось, нарэшце я крыху ачомалася і пачынаю пісаць пра Маленькае Падарожжа ў Польшчу. Маленькае - бо толькі 4 дні. А ў кілямэтражы то нічога так :) 2400 км.
Мы плянавалі з'ехаць ужо ў чацьвер увечары, але нейкія нябёсныя сілы нам зрабіць гэтага не дазволілі, то яно і да лепшага, напэўна, бо за першы дзень мы не проста даехалі да Познані (ці да Пазнаню, як кажуць самі палякі), але яшчэ і
СУПЭРСКІ даехалі! Задалі настрой на далейшае падарожжа, напэўна :) Я ўпершыню выйшла на трасу
ўся ў саплях моцна хворая, і - то праўда,
ТРАСА ЛЯКУЕ! У ноч перад тым я піла мікстуры, капала ў нос і г.д., але нічога мяне не выратавала, і стала зразумела, што падарожжа адмяняць ці адкладаць не мае сэнсу, бо банальна на наступныя выходныя мусіла пахаладаць (што і здарылася ўрэшце!) ды й увогуле... Як класна зазначыў нехта тут у аднім з папярэдніх допісаў, што, калі прастуду лекаваць, то яна пройдзе праз 7 дзён, а калі не лекаваць - то праз тыдзень ;) У працэсе падарожжа, скразьнякоў, тытунёвага дыму ў кабінах драйвэраў, шпацыраў, начнога спыну і г.д. я ўжо не думала пра хваробу, і гэта дапамагло мне яе адолець. Парадаксальна, але так.
У першую раніцу (каля 7-8 гадзін па бел.часе) мы стаялі на выяздзе зь Менску ў бок Берасьця і Польшчы адпаведна :), т.б. недалёка ад Гаю.
На трасе:

Зубр на трасе М1:

Менск на нябёсах: ;)

То
:

Ужо ў 13-30 мы былі ў Берасьці, у 16-00 прайшлі мяжу. Мяжа была своеасаблівым "бар'ерам", безумоўна, бо мы ня ведалі, як гэта ўсё робіцца, як падсажвацца ў машыны, што казаць памежнікам і гэтак далей. Цяпер я ведаю. Упрошвацца ў машыны псіхалягічна складана. Бо калі робяць абыякавы твар і адмаўляюць з'яўляецца пачуцьцё непатрэбнасьці, і ўвогуле на нейкі момант падаецца, што ніхто не згадзіцца нас узяць і мы ніколі не праедзем мяжу. Асабліва цяпер, калі дзюці фры пазачынялі, нас браць людзям няма інтарэсу. Зараз, напэўна, буду перасякаць мяжу на электрацыі, бо нафіг-нафіг :( Там мы згубілі 2 гадзіны+1 гадзіна розьніцы з польскім часам. Апынуцца ў эўрапейскай краіне было прыемна, тым больш, што калі, напрыклад, браць Летуву, то зь ёй такога пачуцьця вольнасьці не з'яўляецца, бо калі паўсюль гучыць "Рускае радыё" і паўсюль цябе разумеюць па-расейску, то з'яўляецца дрэннае адчуваньне, што мяне падманулі: замест Эўропы падсунулі брыдкую Расею... А ў Польшчы - не так. Хай сабе ў Тэрэспалі і яшчэ км 100 на захад вісяць рэклямныя шыльды месцамі па-расейску - усё адно не так!

Якія там казачныя домікі ў людзей, клюмбы, колькі кветак, лужайкі з зелянюткай травічкай, чырвоная дахоўка, акуратныя дарожкі ў мястэчках, вы ведаеце, які там знак абазначае ў'езд у населены пункт (закрэсьлена - выязд)? Вось так:

Значыць, калі мястэчка/горад - абавязкова касьцёл. А ў нас што? Добра, калі сучасная брыдкая РПЦ з алюмініявымі купаламі :(
Памежнікі нам трапіліся добрыя і лагодныя, на малую колькасьць грошай з сабой нават не зьвярнулі ўвагі, і тое добра!
Адлегласьць ад мяжы да Варшавы - надта непрыемная :( Бо там няма фактычна буйных гарадоў, і гэты кавалак трасы шчэ горай, чым пад Чарнігавам... Але мы неяк даехалі да паварота на Люблін, там там трапіў першы цудоўны драйвер, які на хаду спрабаваў спыніць нам машыны, бо сам падарожнічаў 35 год таму спынам. Прычым машыны ён спыняў словамі: "Ці не хоча сабе пан узяць двух пенькных студэнтув-бялорусов?" Карацей, ён так намагаўся нам дапамагчы, што праехаў свой паварот!... Там, дзе ён нас высадзіў, было ўжо 19-00 па польскім часе і мы ўжо прадумвалі варыянты, як можна застацца ў Польшчы гэтай ноччу, бо выйсьця іньшага не было, а да Пазнаню даехаць да ночы было проста НЕРЭАЛЬНА! І што вы думаеце? Спыняецца вось гэты чалавек:

якому імя Каміль, і ён нам кажа, што едзе "у Немцы" - а гэта значыць, што едзе ён якраз праз Познань!!! "У поўнач будзеце на месцы!" - паведаміў нам ён, і стаў набіраць хуткасьць. Ехалі мы хутка, каля 130 - 140 км-гадз, асабліва пасьля Варшавы, калі мы ўжо раззнаёміліся на сумесі польскай і беларускай, ён паказаў нам фоту сваёй "цуркі" Каміллы (дачкі то бок) 5 год, пад Варшавай пакарміў нас у МакДаку, папаіў кавай, купіў мне асьпірыну, бо я кашляла ўвесь шлях. Пасьля Варшавы быў платны аўтабан (11 злотых з легкавога самахода=машыны), дзе хуткасьць нашага перасоўваньня была максімальнай. Роўна (!) ў поўнач мы былі ў Пазнаню. Каміль сам за нас дамовіўся з Крысьціянам па тэлефоне, дзе нас высожваць, а потым пачакаў яго і перадаў нас "з рук у рукі" ;))) Цудоўны хлопец, дай Бог яму ўсяго ў жыцьці добрага!
Пару словаў, як мы пазнаёміліся з Крысьціянам. Ёсьць такая сусьветная база дадзеных людзей, што вандруюць і тых, хто можа даць упіску ў любым горадзе сьвета. Называецца сайт Hospitality Club, і там можна знайсьці ЛЮБУЮ ўпіску, у ЛЮБЫМ горадзе! Толькі пакуль вы на гэным сайце не зарэгіструецеся, у базу дадзеных вас не пусьцяць. Вось як. Калі мы зьбіраліся ў Польшчу, то я знайшла Крысьціяна ў базе дадзеных і папрасіла дазволу пераночыць у яго ўдома ў Пазнаню. Ён згадзіўся і сказаў, што мы будзем чаканымі гасьцямі і г.д. Я верыла, што ТАКІЯ класныя ўпіскі існуюць. Але я і не разьлічвала нават, наколькі класна будзе нам з Крысьціянам і яго дзяўчынай Паўлінай у яго доме!!! 
Па-першае, мы ўсю дарогу перапісваліся СМСкамі. Па-другое, ён сказаў, што забярэ нас на сваёй машыне з любой кропкі горада ў ЛЮБЫ час. Так яно і атрымалася. Ён прыехаў за намі ў поўнач на сваёй прыгожай чырвонай машыне на край гораду, павёз у свой вялікі прыгожы дом, дзе нас чакала яго дзяўчынка Паўліна.


Абсалютна прыемныя і мілыя людзі, мы зь імі адразу пасябравалі і ў першы ж дзень вырашылі застацца яшчэ на адну ноч, бо абставіны дазвалялі і час таксама :). Нам быў прыгатаваны асобны пакой на другім паверсе,
бутэрброды і яблычны сок зь мятай (ён заўсёды цяпер будзе для мяне асацыявацца з Пазнанем!). Мы напаўжывыя пасьля дарогі пагутарылі трохі, потым пайшлі ў душ і спаць. І гэта было шчасьце!!!
Працяг заўтра :)