Ведаеце, якое маё самае вялікае жаданьне зараз?

Пакіньце мяне ў спакоі! Дайце мне спакойна жыць сваім, а не навязаным жыццём!

Мне непатрэбна гэта хвалёная сацыяльная дзяржава з бясплатнай вышэйшай адукацыяй, якой тыкаюць на кожным кроку кожнаму!

Зараз была ва ўніверы. Раней я пісала, чым скончылася сама працэдура размеркавання. Потым, пасля гэтага, мне доўга названьвалі з дэканата, бо я не паставіла подпіс пад тым, што я пагаджаюся з размеркаваннем. Але ж я не пагаджаюся і не пагаджуся, адпаведна, падпісваць не збіраюся. А тут мне ў дэканаце заяўляюць:

- Бягом у аддзел кадраў, бо не дапусцім да дзяржіспыта без подпісу!

- Подпіс, што я згодна?

- Так!

- Але ж я не згодна!

- Ну і што? Цябе ўжо размеркавалі ў Гомель загадам!

- Тады што зменіць гэты подпіс?

- Проста так трэба! Яго трэба паставіць. Інакш не дапусцім да дзяржіспыту.

- Ну і ня трэба :)

- І дыплом не аддадзім!

- На здароўе :) Непатрэбны мне гэты дыплом!

- Але ж тады збяруць камісію па спагнанні сродкаў на тваю падрыхтоўку!

Пасля гэтага візіта, я зрабіла некалькі званкоў праваабаронцам і мне сказалі вось што:

  • гэтым подпісам звычайна тыкаюць студэнтам на працэсах "выпускнік - універ" наконт прымусовага размеркавання. Суддзя звычайна паказвае гэтую паперу недасведчанаму маладому выкармышу беларускай ВНУ і кажа: "А вось ваш подпіс! Вы ж пагадзіліся са сваім размеркаваннем!" Але тое, што гэты подпіс - вымушаная неабходнасць пад пагрозамі "не дапусцім", "не выдадзім" і г.д. - каму гэта цікава??
  • спагнаць сродкі могуць ТОЛЬКІ з маладога спецыяліста, т.б. з чалавека, які абараніў дыплом. Я абараняць яго не збіраюся, адсюль выснова - я не закончыла ўнівер, грошы я нікому ня вінная. Хаця па шчырасці, са слязьмі расчаравання ў горле, я б накапіла, зарабіла б гэтыя 30.000.000 (каля 10 000 $) і аддала б іх з задавальненнем Радзькову, майму дэкану з рэктарам, Луке і ўсім ягоным прыхвасням - вось вам, забірайце і НЕ ЗАМІНАЙЦЕ МНЕ ЖЫЦЬ!!! Толькі не замінайце мне жыць...
  • зараз мне застаецца перадабарона дыплома+дзяржіспыт. І арывідэрчы! Потым калі-небудзь аднаўлюся за грошы і атрымаю дыплом як платніца, т.б. ужо без размеркавання. Калі ўвогуле палічу, што мне патрэбна беларуская "вышка". А drop-out ("выпаўшыя", тыя, хто не давучыўся да дыплома) для саміх універаў, наколькі я ведаю, досыць благі паказнік...

Вы казалі мне: паступай на платную магістратуру. Але ж навошта мне гэта: сідзець яшчэ год і трэсціся, ці ня зменяць чарговы раз палажэнне аб размеркаванне так, што я і пасля платнай магістратуры буду зноў праходзіць гэтыя семь кругоў ада?? Не, дзякуй, я пачакаю на ўзбоччы.

Я цудоўна разумею, што ніхто канкрэтны не вінават ва ўсім гэтым, што прымушае мяне хадзіць у напаўслёзным стане ўжо ледзь не паўгады, што я востра адчуваю набліжэнне моманта Х. Але ж вінаватыя ёсьць! І - ох! - як жа я хачу паглядзець у вочы чалавеку - я ўпэўнена! нармальнаму, адэкватнаму, не дурню - таму, хто прыдумвае гэтыя прымусовыя стадныя аперацыі для маладых, тых, хто ёсць надзея краіны, хто ёсць будучыня краіны!!! Гэты чалавек, гэтыя людзі, гэтая сістэма прымушае набываць квіткі ў адзін канец падалей ад гэтай зямлі, каб забыць, каб перастаць марнаваць свой час на роздум "як гэта можа быць?", "навошта?", "за што?", "чаму я?"... Мяне запрасілі без іспытаў на фізфак не за так, а за тое, што я з 5 класа займалася навукай, але ж людзі мяняюцца, я змяніла сваю арыентацыю з прагматычнага пункту гледжання: настаўнікі зарабляюць у разы меней, чым мне трэба + прывязка да месца, а гэта катэгарычна не для мяне! Дык дайце мне выбар!!!

Канешне,  шкада зараз завяршаць пяцігодні шлях адсутнасцю паперкі "не-дыбіл", да якой я смела прыроўніваю беларускі дыплом. Але ж! Ва ўзнагароду я нарэшце здыму павадок: "нельга, бо выключым!", "ездзіць за мяжу без дазвола мінадукацыі? хто вам дазволіць?", "галасуем датэрмінова!" і г.д.. Свабода! А гэта ўжо нават болей, чым я зараз я хачу ад гэтага жыцця...

Таксама чытайце

  • http://twitter.com/ole_g Олег

    Христю! Ти хочеш закордон виїжджати?

  • http://kryscina.com Kryscina

    Неее! Але б калі я была слабей ці калі б мне не было што пакідаць у гэтай краіне, адназначна б з’ехала. Так робяць сотні студэнтаў штогод у Амерыцы пасля праграмы Work and Travel. І як я іх разумею!… :( Але ж я адсюль нікуды, трэба гэтую багну нейк ажыўляць, бо немагчыма ўжо так жыць, столькі людзей пакутуе, столькі чалавек незадаволеных жыццём! А хто штосьці зменіць, калі ўсе раз’едуцца? ;)

  • Ягор Шумскі

    Паважаю, я сам паслаў усё гэтае размеркаванне да чарцей

  • Тоня Бандэрас

    Дзе былі твае мазгі, калі ты паступала? Трэба было ісці на платнае. Такая палітыка дзяржавы. Дзе былі твае мазгі, калі ты 5 год тупа прасядзела ў Мінску і ня здолела знайсці сабе месца працы, перавесціся на завочнае альбо проста размеркавацца ў Мінску. Ва ўсі цалкам вінаватая толькі ты. Сістэмыа існуе даўно. Ты пра яе ведала. не змагла абысці, плаці баблос. Вельмі справядліва. Такія законы. Я б па шчырасці вас такіх тупых яшчэ і судзіла без права аднаўлення. Няма мазгоў,вашы праблемы!

    • http://donjeune.livejournal.com donjeune

      А дзе твае мазгі, калі ты выплёскваеш сваю злобу на дзяўчыну, якая ўсяго толькі хацела атрымаць гарантаваную ёй адукацыю, была настолькі падрыхтаванай, што яе ўзялі без пытаньняў на бюджэт, і ня мела грошай, каб аплаціць гарантаваную дзяржавай бясплатную адукацыю (ад такога парадокса табе ня сьмешна? мне – так). На звычайнага чалавека, а не на сістэму?
      Я сам вучусь на бюджэце і не зьбіраюсь плаціць грошы за сваю адукацыю, калі ўжо ў мяне ёсьць здольнасьці вучыцца на бясплатным. Дзякуй Богу, што на нашым факультэце з разьмеркаваньнем прасьцей пакуль што.

      А Крысу мае рэспехт і паважуха!

      • Віктар

        Дасюль не чуў гісторый пра тое, як выпускнік размеркаваўся, не з’явіўся на месца працы, яго судзілі, абавязалі плаціць і неяк забіралі грошы: апісалі маёмасць, спаганялі нейкі там працэнт з заробку, садзілі ў даўгавую яму і г. д.

    • witaminych

      Не разумею, навошта наязджаць на чалавека… тым больш сітуацыі бываюць розныя, не ў кожнага бацькі могуць аплочваць навучанне, усё ж такі гэта не маленькія грошы.
      І карціна з умовамі размеркавання змянілася вельмі рэзка, не ўсе, калі паступалі, ведалі, што потым размяркуюць. А наконт знацсці сабе месца працы, Крысціна ўжо пісала.
      Так што гэтыя злобныя выпады абсалютна неапраўданыя!

      Трымайся, Kris!

  • http://kryscina.com Kryscina

    Сорі, але ў мяне не было каму заплаціць за маю адукацыю: я першыя два курса жыла на стыпендыю, а потым стала падпрацоўваць і бацькі мне грашыма не дапамагалі ні тады ні зараз. Гэта раз. Па-другое, калі сказана, што адукацыя БЯСПЛАТНАЯ, яна мусіць быць бясплатнай, без усялякіх “але”. Інакш я бы паехала ў тую ж Маскву: там з задавальненнем бралі без іспытаў пераможцаў беларускіх рэспубліканскіх алімпіяд! Але ж не, я выбрала любую радзіму! І што я маю? Мора праблем!
    Па-другое, я знайшла месца працы, чытай ранейшы допіс, але ж там выйшла накладка, аб якой я даведалася ўжо падчас размеркавання. Плюс да гэтага – я не хачу працаваць за мізэрныя грошы ў школе, калі я ведаю, колькі я рэальна магу зарабіць як журналіст!
    Па-трэцяе, мая памылка была толькі ў выбары кваліфікацыі “фізік-выкладчык”, бо толькі ў педагогаў такія праблемы з размеркаваннем, астатніх не чапалі!

    Ну і апошняе: навошта так злавацца? Адпрацавала ў свой час па размеркаванні і шкадуеш?

  • http://kryscina.com Kryscina

    Дзякуй за падтрымку! :)

  • nevr

    Маё меркаваньне ты ведаеш ) Хаця, магчыма, ты робіш слушна. У любым выпадку – посьпеху.
    ЗЫ Вось наконт павадка… Я неяк ездзіў за мяжу без дазволу мінадукацыі (ну ці мне ніхто не паведамляў, што яны там штосьці дазволілі), не галасаваў датэрмінова (праўда, я ня жыў у інтэрнаце) і ніколі не азіраўся на нейкае магчымае выключэньне. Таму, імга, “павадок” існуе ў першую чаргу для тых, хто сам яго надзеў.

  • Павел

    Держись! Правильно все сделала: я сам с последнего курса отчислился когда-то, а потом платно восстановился и доучился. Дай тебе Бог сил!