Што было? Прадстаўніца ўпраўлення адукацыі (да якой я хадзіла на кансультацыю, каб усё зрабіць правільна) аказалася НЯ СУПРАЦЬ таго, каб я размеркавалася па сваёй заяўцы. Мая заяўка - гэта праграмістам у адну прыватную кантору. Прадстаўніца Мінадукацыі - рэзка супраць, бо выйшаў нейкі прэзідэнцкі загад на тэму "усіх педагогаў - у школы!". Дэканату - пофігу, галоўнае, каб ім не далі па шапцы потым. Жанчына з Мінадукацыі гэтыя праблемы паабяцала. Мяне адправілі "пагуляць" да канца размеркавання.
На ўсялякі пажарны ў мяне было дамоўлена з 23 гімназіяй, што з пастаяннай менскай прапіскай мяне бяруць на працу без пытанняў, а пра такі паварот падзеяў, калі будуць разглядаць найлепшы для мяне варыянт, я ўжо і не думала, а тут - такая надзея! Бо мая заяўка (праграмістам) для мяне фактычна азначала вольны дыплом, бо накіраванне туды, дзе я і так працую і буду працаваць. Але не педагогам, і вось у гэта ўпёрлася гэтая цётка.
У выніку я вярнулася, а мне проста падсунулі лісцік са школамі ў рэгіёнах: выбірайце, маўляў... І нічога, што ў мяне ўжо менская прапіска, з якой было столькі даўбатні, сіл ды грошай! Проста, як аказалася, не па спецыяльнасці мяне размеркаваць не могуць, у Менску рэзка не стала месцаў (хаця ніхто з маіх аднагрупнікаў у Менск не размеркаваўся, а ліст быў з 11 школ!), а ў 23 гімназіі для мяне не знайшлося гадзін (вось так проста. і даведалася я аб гэтым на размеркаванні!). Дэкан стаў нешта казаць на тэму "ну паспрабуйце знайсці месца ў любой менскай школе, а пакуль распішыцеся насупраць Гомеля", а я ўжо не слухала яго: проста выбегла з гэтага кабінета, бразнуўшы дзьвярыма. Навошта мне гэты дыплом і фактычнае рабства пасля? Навошта мне Гомель і ў які раз пачынаць усё з нуля? Навошта гэтыя перашкоды, калі нарэшце была нейкая перакананасць у заўтрашнім дне?
... Усе надзеі разбітыя, жыццё мусіць зараз даць рэзкі паварот. Жыць па ўмовах сістэмы я не хачу і не буду, а яна мне надыктавала і так зашмат за гэты час... Эх, дзе былі мае вочы і мазгі пару год таму, калі я часам баялася чарговы раз выйсці на мітынг, баялася таго, баялася гэтага? А з-за чаго? З-за таго, што баялася страціць універсітэт, дыплом, месца пад сонцам і бла-бла-бла. І калі я ўяўляю, што я такая не адна, а такіх сотні, тысячы было ў той момант у нашай краіне, чорт, як крыўдна-та, як крыўдна!!! ШТО я баялася страціць?? Гэты нікому ў свеце не патрэбны дыплом? Гэтыя два гады размеркавання "туды, куды пашлюць"? Ну выляцела б, пайшла б ці паехала б вучыцца туды, куды захацела, а ў іншых краінах побач пра размеркаванне і не чуў ніхто нават, вось дзе шчаслівыя людзі. Ды прапануйце вы тым, хто ня ведае, куды падацца і што рабіць пасля ўнівера, навошта ўсім запар-та???
Краіна баязліўцаў, прыстасаванцаў і зайздроснікаў. Каго размяркоўвалі раней, тыя размяркоўваюць цяпер нас - помста праз пакаленні, нам было дрэнна - хай будзе і вам! Колькі падножак робіцца маладым і - асабліва! - тым маладым, хто ведае, чаго хоча ад жыцця, хто ведае, хто ён і што ён - не юніт у гэтай гульні, а ЖЫВЫ чалавек са сваімі амбіцыямі і жаданьнямі. А колькі хлусні было за гэты час, божа! "Ды ў нас на факультэце не бывае праблем з размеркаваннем - адкуль заяўку прынясеш, туды і накіруюць"... Дык гэта толькі ў нас на факультэце, а як жа зараз жахліва таму ж журфаку, гістфаку ды іншым універам! У іх аб такім нават думаць немагчыма!
Як страшна, страшна, страшна, куды ісці далей, што рабіць?!... Забраць дакументы ці працягваць прагінацца пад сістэму?... Мне ўжо нават не шкада гэтых 5 год, вельмі крыўдна і балюча, што столькі высілкаў - і ўсё марна. Ведала б я на другім курсе, што зараз так усё павернецца...
Pingback: