Я шчаслівая, што я — журналіст

журналист
Share on facebook
Share on twitter
Share on pinterest

Сёння ўвесь дзень (учора толькі частку дня, а вось сёння адчула ўвесь смак!) ганяла па горадзе, з самай раніцы сідзела на тэлефоне, вызваньвала розных важных людзей, а потым спрабавала спланаваць іх адно за другім, каб не было накладак, каб іх не паблытаць і каб не забыць, хто па якой тэме і каго як завуць. Памер аператыўкі за сёння прымусова павялічыўся разы ў 4, і гэта як мінімум. Гэта як грандыёзны квэст ужывую! Сказаць, што я ў кайфу - не сказаць нічога. Я, відаць, сапраўды правільна абрала прафесію, ну і што няправільна абрала ўнівер і факультэт. Але гэта ўжо няважна!

Праца

Я ня ведаю, адкуль ува мне гэты ўвесь досвед, які я выкарыстоўваю сёння на ўсю катушку. Усе гэтыя фішачкі пра тое, як сябе правільна паводзіць з героямі рэпартажаў, што казаць, якія задаваць пытанні і як. Такой спакойнай і ўпэўненай з незнаёмымі людзьмі я даўно сябе ўжо не адчувала! Гэта, напэўна, мой экстраверт выпаўз з нары, і не проста высунуў нос, а грунтоўна так выпаўз, выпінаў нагамі інтраверсіўную частку мяне, якая баіцца падыйсці да незнаёмага чалавека і спытаць у яго нейкую драбязу, а тым больш дазваніцца да важнай чыноўніцы ў Парламенце, прыйсці да яе ў кабінет, без адзінай запінкі задаць пытанні, перавінціць аб'ектыў на фоціку і яшчэ перакінуцца парай фраз "за жыццё". Ё-МАЁ! Я так сумавала па гэтым стане, гэта нібыта свабодны палёт, калі кожнае слова - трапнае, а кожны званок і кожнае знаёмства аказваецца ўдалым, з цёплымі фразамі, падаруначкамі і шчырымі моцнымі поціскамі рук на развітанне. Учора ў мяне былі думкі дабіцца сустрэчы з іх прэзідэнтам (адна з тэм напрамую тычыцца яе), але… у мяне не хапіла часу на яе ў маёй раскладцы.

Сустрэчы

Сёння я сустрэлася з прыгожымі, стылёвымі, моцнымі жанчынамі, з якімі мы размаўлялі пра гендэрныя пытанні, і, скажам проста, яны казалі вельмі цікавыя рэчы, якія я дагэтуль пераварваю. Была ў адным міністэрстве, дзе ў чувака, з якім я cтэлефаноўвалася, у кабінеце вісела БЕЗЛІЧ розных асадак: на сценах, на шафах, пад столем. Гэта было так міла: чыноўнік з вялічэзнай колькасцю каляровых асадак на вяровачках, ааа! Ён крануў мяне да глыбіні душы, і, відаць узаемна: я падаравала яму адну са сваіх асадак у калекцыю, а ён мне - таксама асадку, але ... з 4 Гб флэшкай О_о, а таксама прыгожую кнігу па маёй тэме рэпартажа! Паўсюль мяне паілі гарбата-кавамі, частавалі салодкім, ды так, што разбалеўся зуб, але, блін, гэта ПРАФЕСІЙНЫ зубны боль, так смешна, што нават не балюча 🙂 І яшчэ людзі, людзі, людзі!… Заўтра такі ж дзень, толькі ў Друскенінкае ў асноўным. А тыдні праз 2 усё гэта будзе на сайце Эўрапейскага радыё для Беларусі.

Якая я шчаслівая, што я — журналіст!