... Сёньня я плакала.
Я ня ведаю, як гэта патлумачыць, гэта быў страшэнны парыў.
Справа ў тым, што сёньня я моцна-моцна адчула сябе іншапланецянінам, адчула сябе чужой сярод сваіх.
У мяне сёньня быў фантастычна яскравы дзень: на мае плечы ўскладзена адказнасьць правядзеньня першага майго сэмінара, праўда, я не галоўны арганізатар і нават не лектар на сэмінары, я проста адказная за яго правядзеньне. Не буду ўдавацца ў падрабязнасьці, але сэмінар для арганізацыі даволі істотны, з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта (як дысцыплінуюць гэтыя абставіны! :)).
Я зараз вельмі стомленая.
Я бегала-закупала-ездзіла-дамаўлялася-прасіла-патрабавала-друкавала-выдумвала-раздрукоўвала-выбірала-чакала-сьмяялася-канцэнтравалася-самаарганізоўвалася-ініцыятывіла-усьміхалася-бачыла ўсьмешкі-лічыла грошы-запісвала-лічыла пакупкі-думала-ацэньвала-насіла цяжар-даганяла транспарт-бегала па лесьвіцы-галадала-галадала-галадала...
А прымусіла мяне расплакацца адна-адзіная акалічнасьць: калі я прыйшла дамаўляцца наконт абеда для групы ў адзін саўковы-саўковы рэстаран у цэнтры горада: мала таго, што я чакала 45 (!) хвілін адміністратарку рэстарана, хаця мы папярэдне дамовіліся аб сустрэчы, дык потым замест яе прыйшоў нейкі жлоб, які з парога мяне абсёк: "Ой, вот только давайте по-русски! Не люблю белорусский..." "Вы хіба не разумееце? Мне проста будзе даволі складана..." "Нет, я понимаю... Просто не люблю этот язык... Сразу ассоциации: БНФовец!" "Проста каб любіць мову, трэба яе ведаць, я ж з вамі не на скаверканай расейскай размаўляю! Трэба кніжкі чытаць..." А калі я ўжо ўсё ўладкавала і выйшла... Я проста расплакалася. Таму што ў мяне ПРОСТА НЕ ЎКЛАДАЕЦЦА Ў ГАЛАВЕ існаваньне ВОСЬ ТАКІХ мудакоў на нашае гаротнае зямлі... Напэўна, гэта іх прэзідэнт... Напэўна, ён будзе ў нас, пакуль сярод нас будуць такія індывіды з ТАКІМ стаўленьнем да СВАЙГО.