Мора

чэрвеня 29, 2010

Пасля крапівінскіх кніжак, пасля ўсіх гэтых марэй/трас і самалётаў/акіянаў вельмі карціць пераехаць жыць на мора калі-небудзь у жыцці.

З іншага ж боку, я разумею, што як толькі я стану жыць на моры, яно перастане быць для мяне такім прывабным, такім таямнічым, такім жаданым. Я пачну бачыць хібы, мінусы гэтага месца, скажам, брудны пляж і, ня ведаю, турыстаў можа. Перастану звяртаць увагу на пенныя успляскі і прывыкну зусім да салёна-ёдавага паху. А я не хачу. Я хачу жыць далёка ад мора, можа, прыязжаць туды на месяц штогод, ці нават на два, але ні ў якім разе не назаўсёды – гэта разбурыць усю маю прагу да яго.

Ну і паралелі адразу пачынаюцца, напрошваюцца самі сабой… Але не пра гэта.

Сёння я зразумела адну рэч. Проста як электрычнасцю даўбанула. Я памятаю моманты свайго жыцця, калі мне падавалася, што за гэтымі вось шматпавярхоўкамі ў Менску пачынаецца мора… Ці вунь ветрык падзьмуў на прыпынку – такі, як ля мора! І вось яно: аказваецца, мора – яно ўнутры! Я сёння злавіла тое ж пачуццё за хвост. Злавіла! Мора – яно ўнутры. Гэта глыбокія ўздохі і позірк удалечыню. Гэта свабода і шчасце, візуалізаваныя на ўсе сто. Гэта прыгоды з кніжак і дзіцячыя гісторыі з паралельнымі сусветамі, гэта караблі з парусамі і якары, сімвалы надзеі. І гэта ўсё – унутры. Так класна :)

Таксама чытайце