Лето, что ж ты безлунно,
Как отыскать тебя,
Как войти в твой дом,
Как уснуть под небом твоим?
Где ты? Где твои струны?
Смыло карту, лишь крестик с номером
Адрес нашей звезды.
Звездочки, заблудившейся навсегда...
Маё кароткае двухтыднёвае лета прайшло ў Інданэзіі ў красавіку: Джакарта, востраў Балі, самлёты, выдатныя людзі побач, новыя знаёмствы і новыя планы, што нарадзіліся на беразе акіяна. Дагэтуль не магу дабрацца да фотачак, трохі хіба што ёсьць , але ў архівах нашмат больш… Што ж, буду разграбаць доўгімі зімовымі вечарамі!
А лета фактычнае прайшло ў пераездах, у раз’ездах: цягнікі, маршруткі, цягнікі, цягнікі, пероны, зноў цягнікі… Рэчы, валізкі, сустрэчы і доўгія абдымкі на перонах, абдымкі, пакуль мой цягнік ужо не адганялі ў дэпо… Я пераехала ў Варшаву, змяніла працу, змяніла жыццё.
Потым мільён разоў пашкадавала аб пераездзе з Мінска, потым наадварот вярталася да думкі, што так і мусіць быць, што трэба пачакаць, а потым зноў шкадавала, і зноў радавалася варшаўскім вуліцам, польскай мове навокал, новым людзям, выдатным новым калегам, разумнаму, справядліваму начальству і сваёй новай ролі радыёвядучай ранішняй навіновай праграмы. Мне вельмі падабаецца ўсё ў маёй новай працы, нават пад’ёмы а 4 раніцы не такія цяжкія, як я сабе іх малявала. І вельмі падабаецца горад, гуляць у якім амаль няма часу…
У мяне раптоўна завязалася сяброўства са старым знаёмым і ягонай жонкай, яны зараз бадай самыя блізкія мне людзі ў гэтым горадзе. Яны вельмі шмат дапамаглі мне з маімі паходамі па ўніверсітэтах: як вынік вось-вось вырашыцца канчаткова, ці змагу я вучыцца на 5 курсе Варшаўскага фізфака. Усе пытанні з залічэннем ўладкаваныя, засталося вырашыць раптоўнае пытанне з падвышэннем коштаў на навучанне ў 2 разы.
Я шмат вучылася новай працы, атрымала пасведчанне “ПРЭСА”, ездзіла здымаць свята ў Грунвальд, на адзін дзень ганяла ў Кракаў у камандыроўку, дзе сустрэла шмат сваіх сяброў-маладых палітычных актывістаў з розных краін, але сама была па іншы бок барыкад – была не ўдзельнікам, а журналістам.
Нават удалося вырвацца ў адпачынак да мора: цэлых 10 дзён з Табой, лепшыя дні гэтага лета, негледзячы на нашыя камічныя невязенні і экстрым ў падарожжы.
Час ідзе цяпер цікава: падчас працы час ляціць проста вар’яцкі, а калі я з блізкімі людзьмі, падаецца, дзень цягнецца як тры :) Заўжды звычайна наадварот было. Як ніколі я цаную кожную хвіліну з тымі, без каго цяжка і самотна тут, у чужой краіне і ў чужым горадзе.
А яшчэ я зразумела, што шчасце – яно ўнтры. Пакуль сам не захочаш, моцна-моцна не захочаш адчуць побач душу-блізнятка, другую палову, таго_самага чалавека – гэта ніколі само сабой не адбудзецца. Трэба жыць не галавой, а сэрцам. Не заганяць чалавека ў рамкі, а бачыць сапраўднага, жывога, з усімі плюсамі і мінусамі, назіраць, ня ўмешвацца, дыхаць адным з ім кіслародам і атрымліваць ад гэтага асалоду. Я прачнулася ад нейкага эмацыйнага і пачуццёвага сну, які доўжыўся з маіх 16 год… Дзякуй Табе.