Як мы на Тахрыр хадзілі (трылер-хэпі-энд)

Як мы на Тахрыр хадзілі (трылер-хэпі-энд)

З самай раніцы пачаліся сюрпрызы: арганізатара не апынулася з намі ў аўтобусе, таму што ён мусіў тэрмінова выбегчы на Тахрыр, бо там чакалася сутыкненне пратэстоўцаў з паліцыяй. Апынулася, што паліцыя тусавалася пад парламентам і ня ведалі пра тое, што да іх бягуць пратэстоўцы і ўсё выглядала на правакацыю. Днямі прызначылі новага прэм'ер-міністра са старога кабінета Мубарака, з гэтай нагоды людзі зладзілі гэты пратэст. Зноў ляцелі камні, газ, і ў выніку паліцэйская машына насмерць збіла 19-годняга хлопца. І гэта ўсё на вачах у агранізатара, які распавёў нам пра гэта ўсё ўдзень.

Потым у нас быў трэнінг, падрыхтоўка да назіранняў. Нам распавядалі пра выбарчую сістэму, пра абавязкі міжнародных назіральнікаў і пра праблемы пераходнага перыяда, гэтай пустэчай між жорсткай дыктатурай і дэмакратыяй. Апынулася, што касякоў шмат і што ўсё не будзе так проста, негледзячы на тое, што Мубарака ўжо прагналі.

Ну і тое-сёе, увечары паўстала пытанне, ці не пайсці нам на Тахрыр. Я пайшла ў гатэль, пераапранулася ў джынсы, берцы і куртку, навінціла ўспышку і мы сталі чакаць нашага гіда, егіпцяніна з групы, праваабаронцу, які пагадзіўся з намі пайсці. Пакуль чакалі яго, уладар майго гатэлю паказаў нам пакой з відам на Тахрыр. Зараз усе пакоі выкупленыя на нявызначаны тэрмін журналістамі розных буйных смі. "Вось тут жывуць з CNN, вось тут - з Reuters...", а мы трапілі на гаўбец нейкай турэцкай тэлекампаніі.

Ну і ўласна потым быў Тахрыр. Гэта было як з нейкага футурыстычнага фільма жахаў, дзе пануе поўная анархія, тут нечым гандлююць, тут - людзі ідуць цэлымі семьямі, наперадзе нехта крычыць і скандуе лозунгі адной з партый - натоўп высокіх мужчын у даўгіх строях... Злыя твары, а калі заўважаюць нас - зацікаўленыя, насцярожаныя, усе праважаюць позіркамі. У дзень, калі мы былі там, было каля 40.000 чалавек. І сярод усяго натоўпа я так і не пабачыла ніводнага замежніка. Калі спыняешся - вакол цябе маментальна ствараецца натоўп. У асноўным гэта маладыя хлопчыкі да 20 год. Усе просяць сфоткаць, пазіруюць. Просяць паказаць фота. Смяюцца. Нібыта ўсё ок. Але тут нас пачынае папярэджваць наш сябра, што ўлады прымяняюць правакацыйную тактыку: менавіта ў адзін з такіх разоў, хаця які адзін, ужо тры выпадкі, калі нападалі на замежных журналістаў, збівалі хлопца і гвалцілі дзяўчыну. Я ня ведаю, хто з вас яшчэ не прыслаў мне лінк пра гэта ва ўсе магчымыя мэсэнджэры, але я ўчора пабачыла, як гэта можа быць, на свае вочы. Усё адбылося за секунды: нашага сябра спыняе адзін хлопец, пачынае на яго крычаць. Мы стаім - я, дзяўчына з Эстоніі і радыёжурналіст з Брытаніі - і не разумеем, што адбываецца. Да іх двох маментальна далучаецца яшчэ чалавек 10, потым яшчэ - у выніку яго акружаюць чалавек 25 і нешта на яго крычаць, такое адчуванне, што могуць пачаць збіваць. Атмасфера накаляецца, я пачынаю цягнуць брытанца і дзяўчынку далей ад цэнтра - а мы ў цэнтры стаім! - плошчы, пачынаю скуліць ім "Хадзем! Ён мясцовы, ён іх усіх ведае! Ён разбярэцца! А вось нам трэба валіць і як мага хутчэй!". Гэта цягнецца яшчэ некалькі хвілін - я не ведаю, як доўга, я спужалася да смерці, ногі падкашваліся і ўсё адбывалася павольна, як у сне. Нарэшце яго выпусцілі з кола да нас, мы бачым першыя ўсмешкі і разумеем, што пранесла. "Што такое? Што гэта было?!" - пачынаем крычаць мы. Ён адказвае: "Да мяне падыйшлі і сталі пытацца, навошта я вас прывёў, што тут мусяць быць толькі мясцовыя СМІ, гэта нашая плошча! Яны шпіёны! Я патлумачыў ім, што вы мае сябры, што вы добрыя людзі і што мы ўжо сыходзім.". АААААаааАААааАаАА О__о Пасля гэтага ўсяго мы пайшлі з плошчы міма палявых шпіталяў, міма спаленага будынка партыі Мубарака... І ўсю дарогу я адчувала сябе як напэўна бывае пасля вельмі моцнай травы з "паранояй", не, нават з гэтым параўноўваць нельга, гэта было нешта звыш, нейкі звярыны страх: сэрца калацілася, перад вачыма плыло. Пакуль увечары не пасідзелі на гаўбцы з півам, мяне ўсё не адпускала.

А арганізатар, прыкаліст, пасмяяўся з нас і сказаў нам на гэта, што трэба будзе схадзіць у суправаджэнні яго - ён кажа, што ён прывёў на гэтую плошчу вельмі шмат людзей і мае сяброў у намётах і гд - каб адчуць сапраўдную атмасферу без панікі. Нуядаженезнаю зараз.

БОЛЕЙ ФОТА + тэкст - на Еўрарадыё + заўтра буду ў жывым эфіры, першае ўключэнне - 12:15 недзе па бел.часе.

P.S. Заўтра мы выпраўляемся назіраць выбары ў 4 гарады: нам з кубінцам лёсаваннем выпаў Порт-Саід, партовы горад побач з Суэцкім каналам, адзін з самых экстрымісцкіх, але там нас будуць апекаваць вельмі актыўная мясцовая арганізацыя, якая ўсіх ведае і забяспечыць нам бяспеку.

Total Views: 377 ,