Хьюстан, вам і ня снілася!

Фуффф, вось толькі зараз, села за комп і супакоілася крыху. Тут усё прывычнае і знаёмае ў адрозненні ад цэлага гэтага дня...

Падарожжа Цюрых — Шарм-Эль-Шэйх — Каір

Зранку паруліла ў Цюрыхскі аэрапорт: ад самага пачатку падарожжа аўтобусам-цягнічком да аэрапорта хоць і было пакрокава распісаным, але ўсё адно было самастойным. Развітваліся з сябрам так (спазняліся на аўтобус), што я ў дзьвер аўтобуса, якая ўжо зачынілася, крычала: «Ну дык а куды далей ехаць пасля перасадкі?»)) Але SMS форэва і я без праблем знайшла патрэбны мне транспарт.

Прыгоды пачаліся з аэрапорту. Вы не смейцеся толькі, я не спецыяльна паводжу сябе як тупая курыца, каб потым весялей вам было чытаць)) Зрабіце зніжку на стрэс і на поўную галаву думак пра далейшае падарожжа… Але што я зрабіла: я спакойненька, можна сказаць, медытатыўна, прайшлася па аэрапорце, набыла сястры цукерак, паглядзела вакол, знайшла гейт, дайшла да яго, прайшла пашпартны кантроль, прычым ніякага штампу мне не паставілі, і вось я чую ад сімпатычнага памежніка: «До свіданья!» — і разумею, што нешта ідзе не так 🙂 Потым я спускаюся ўніз да майго гейта і разумею, што я дагэтуль цягну за сабой… багаж. Збіла мяне з толку вэб-рэгістрацыя: на аўтамаце і не падумала, што трэба падыйсці і зарэгістраваць і здаць сумку… А назад ужо ня выйсці тым жа шляхам: пашпартны кантроль пройдзены! Ну, я кінулася шукаць кагосці са стафа, каб падказалі, як быць. Мне сказалі выйсці ў горад і ўвайсці назад. Ок. А там рамонт паўсюль, пакуль знайшла, думала даўбануся — сумарна бегала 45 хв, прычым бегала — гэта не метафара. Знаходжу выхад. Там пашпартны кантроль зноў. Кажу, выпусціце, мне трэба назад, сумку ў багаж, бла-бла-бла. Цётка круціць мой пашпарт у руках і выдае: «А ў вас польская віза, мы з такімі ў Швейцарыю не пускаем!». Я: «O________o», я ж, кажу, толькі што была! Вунь і кантроль прайшла! «А дзе штамп?» «Не паставілі», кажу. Пусціце, цёценька, стаю, ледзь не плачу, рэйс, кажу, праз гадзіну, а наступны адсюль толькі праз 3 дні такі ж. Яна кудысці пазваніла, паставіла мне штамп нейкі і выпусціла. Ну я выйшла, да закрыцця гейта застаецца 12 хвілін. Я бягом, да галоўнай па залі, кажу, калі ласка, зарэгце мне сумачку, гару, такія справы. Яна кажа: «Ну дык вунь чарга!» (а там чалавек 35), я зноў — калі ласка, тыры-пыры, без вас не спраўлюся. Ну яна злітавалася, дапамагла, правяла без чаргі. Я зноў туды ж, адкуль усё пачалося, ну і па прыколе іду да таго ж памежніка. Ён усміхаецца і кажа: «Дэжавю!», я у двух словах патлумачыла, ён выпускае, я бягу на сэкьюрыці, прыбягаю, калі ўжо бордзінг да паловы прайшоў. Але паспяваю! У самалёце на мяне накатвае думка, што аднойчы мне так з 45 хвілінамі паміж самалётамі затрымалі і не давезлі ў Франкфурце багаж з аднаго самалёта ў іншы, а тут і падаўна, паўгадзіны ўсяго было… І ўяўляю сабе карціну маслам: я прылятаю, мяне чакаюць каб пасадзіць на аўтобус, а багаж мой не прылятае са мной, і прылятае, адпаведна, з наступным рэйсам, а гэта праз некалькі дзён… А там зарадкі ад усіх дэвайсаў, пра вопратку і касметыку дык увогуле маўчу! Ууууух як мяне ператрэсла.

4 гадзіны праляцела: я выпіла клапатліва прыгатаваную для мяне на дарожку «упсу», мяне выключыла амаль на ўвесь палёт. Праўда, паздымала космас пад крылом.

Шарм-Эль-Шэйх!

Перад прызямленнем я глядзела ў вакно і не верыла сваім вачам: пустэльня! І горы, такія, якія я ніколі не бачыла, як на нейкай іншай планеце! Па прылёце ў Шарм-Эль-Шэйх: сонейка, +23, пальмы, мора нерэальнага колеру, незнаёмае паветра, цёплы вецер, кветкі-траўкі вакол… Я расслабілася і папусцілася ў хвіліну!

І далей усё пайшло гладка-гладка: набыла ў адным вакенцы візу (15 долараў), прычым усім прадавалі аднолькавыя, ніякіх «Сінай Онлі» я не бачыла. Потым падыйшла на пашпартны кантроль: выбрала расслабленага памежніка, які ўсім лыбіўся і адначасова з кантролем пасмяваў трындзець па мабілцы (!). Ён на мяне зірнуў, адкрыў пашпарт, не ўпэўнена, што зразумеў, адкуль я)) Проста ўзяў маю візу, наляпіў, праштампаваў і ўсё! Вось гэта было шчасцееее!!!

Потым я дачакалася сваю сумку — яна даляцела такі! — і пайшла на выхад, Там мяне сустрэў Абдул, мілы кіроўца, якому было даручана завезці мяне на аўтастанцыю. Па ангельску ён гаворыў слаба, але спытаўся, ці першы я раз тут, і я сказала: «Yes! Africa — first time!» =) Ён завёз, узяў мне квіток, аддаў мне (13 месца, hell yeah!) , грошай ні за падвоз, ні за квіток не ўзяў О_о, хоць мусіў.

Паказвае мне на напаўразвалены аўтобус, кажа, ю, хіа, ту Каіро! Ок, кажу я, махаю яму з вакна і мы едзем. Аўтобус выглядае слаба сказана, што стромна. Яшчэ больш стромна, што я разумею, што смскі ўжо не адпраўляюцца, бо грошы скончыліся. Ну і я еду хер паймі ці ў Каір, і ўвогуле… усё мяне паціху высажвае на паніку.

Але не праходзіць і 20 хвілін, як усе падрываюцца і выходзяць. Я такая: да кіроўцы: «Ээээ… Каіро?» — Не, кажа, Каіро — вунь аўтобус стаіць! Дакладна, гэта проста ўсіх перасадзілі. Я саджуся на сваё законнае 13 месца, гляджу вакол і нямею: ў аўтобусе адныя мужыкі. Прычым позіркі давялі мяне да таго, што я сідзела, і прыкідвала, як бы гэта так фіраначку з вакна аўтобуснага садраць і павязаць сабе замест хусткі, бо мая засталася ў багажы і мятацца — пазняк…

І што б вы думалі — такі былі блок-пасты па дарозе! Штук 10 налічыла! Спынялі ў асноўным прыватныя аўто, а да мясцовага рэйса ставіліся абыякава. Толькі адзін раз, у Суэцы, недалёка ад мяжы з Ізраілям, стаяў нават танк, і будкі для аўтаматчыкаў! Спынілі наш бус і «з рэчамі на выхад»: пастроілі ўсіх у шэрэнгу і прымусілі адчыніць сумкі. Ну і сабачка ўсіх панюхаў. Вельмі камічна напэўна глядзелася я сярод адных мужыкоў, але асабліва не чапляліся, дакументы не прасілі.

Паходу язды я даведалася, куды мы прыязжаем, смснула (вось! з’явіліся нечаканыя грошы на тэлефоне! хто? хто мяне выратаваў?!! явіся, мой герой! калі б не ты, я б згубілася, бо месца прыбыцця было перанесенае!), каб сустракалі і лавіла прыходы ад відаў за вакном: там ужо былі зоркі…

Мяне сустрэў хлопчык па даручэнні арганізатараў і першае, што ён зрабіў, гэта пабёг з маёй сумкай праз трохпалоску у адзін бок і ў іншы, дзе машыны ехалі хутка і пераходу не было. Я ўчапілася яго і пачала маліцца.

Мяне адразу з карабля на бал: адразу ў нейкі марскі рэстаран, да астатніх. Я, канешне ж, прыбыла апошняя з групы! Заўтра ў нас будзе трэнінг па адрозненні выбарчай сістэмы Егіпта і пра назіранне на выбарах.

Ну, і на салодкае, самы прыемны момант дня: мне дастаўся пакой з відам на Тахрыр!!!

Калі я адчыняла стаўні, сэрца спынялася ад шчасця!)) Яно адназначна гэтага было варта! За адзін такі момант можна аддаць многае, не толькі 2 сутак дарогі 🙂

Подпишись на мой канал в Telegram

Stay in the loop! Все самое интересное, что попадается мне. Лайфхаки, полезные ссылки, свежий контент ТУТ

© 2023, Christina Bodendorfer •  Все права защищены

При использовании материалов обязательно письменное разрешение автора.