узнагародзіла мяне флэш-мобнай літарай "з" :)
Зорная. Бел. варыянт "Звёздная", мой першы інтэрнэт-нік. Мне тады было недзе 16, апагей астраноміі і летуценнасьці. Ноў комэнтс :)
Зоркі. Так, я імі не толькі захапляюся, але і займаюся, і ведаю, дзе якая, ведаю шмат пайменна, пакаардынатна, ведаю іх колеры, спектры і памеры :) А зорныя ночы ля вогнішча, а падаючыя зоркі, а Аўстрыйская абсерваторыя, а рэспубліканская алімпіяда па астраноміі, а "БелЮніёр" - перамога за перамогай, і ўсё гэта дзякуючы зоркам. А дзіцячая мара - працаваць у цэнтры кіравання палётамі і выратаваць Зямлю ад астэроіда?!...
Зямля. Я - дзіцё планеты, і пакуль я не ўсьвядоміла сябе дзіцём Беларусі, я была дзіцём Зямлі: кожны новы горад, кожная новая дарога павялічвалі маё натхненьне і мае жыцьцёвыя сілы ў геаметрычнай прагрэсіі... Зараз гэтак жа, я жыву Дарогай і адчуваю подых Зямлі на кожным сваім кроку, на кожным сваім кіламетры...
Земфіра. Музыка дзяцінства, юнацтва, першага каханьня, першых слёз... Зараз слухаю, але выключна пад настрой. Ніякая музыка, акрамя гэтай, не прымушае мяне так глыбока капацца ў сабе і ва ўспамінах... Невядома, праўда, навошта, але свой плён у гэтым ёсьць, ёсьць настрой і пэўныя асацыяцыі, якія я ні на што не прамяняю, нават праз дзесяткі год...
Знак. Я фаталістка па жыцьці, ва ўсім, што адбываецца я шукаю знакі і аналізую іх. Я шукаю знакі ў мінулым, у сучаснасьці, і дзейнічаю ў будучыню з папраўкай на знакі, на сігналы, на пэўныя заканамернасьці, якія я ўжо нажыла за гэтыя годы.
Загоны. Ага. Не бяз гэтага. Бяз гэтага - не! ;) Як бы добра не было, як бы ідэальна ўсё не падавалася, ні складалася, усё роўна я знайду над чым пазаганяцца і час ад часу мне гэта моцна замінае жыць і непакоіць. І я нічога не магу з сабой парабіць...
Зеніт. Амаль чатыры гады я здымала "Зенітам", і гэтыя годы былі файнымі з усіх бакоў :)) А яшчэ я абажаю глядзець у зеніт, лежачы на вялікім камяні на Шыпаце падчас Купальля ўночы ў Карпатах... І яшчэ люблю начны зеніт на Лісцы, ляжаць і лічыць метэоры, і чуць шэпт мора зусім побач...
Змрок. Уночы, на світаньні і на закаце я пачуваюся лепш за ўсё. Я - начная птушка, творчасьць - уночы, загоны - уночы, слёзы - уночы, жыцьцё - уночы...
Забаўкі. Мае забаўкі такія разнастайныя і рознапрофільныя, што я нават прыклады прывесьці не магу. Але ёсьць адна арганічная патрэба: раз на колькі там тыдняў зарубіцца ў Герояў :))
Замежжа. Нясцерпна цікава. Любая краіна. Вельмі хачу паглядзець Ісландыю, ЗША, Аўстралію, Афрыку, Інданэзію, Японію, Партугалію, Францыю... Адна толькі ўмова: вярнуцца! :) Замежжа на тое і замежжа, калі потым заўсёды хочацца дамоў...