Чытайце “Паранойю”. Пакуль яшчэ можаце.

Прачытала кніжку ўжо з тыдзень як, а ўсё ніяк не магу выціснуць з сябе пару радкоў пра. Пра, чаму і навошта было ўвогуле чытаць - усё ніяк не магу зразумець. Бо пасля прачытання дагэтуль неспакойна.

Звычайна я даволі блізка да сэрца ўспрымаю да сэрца кнігі. Ну, ладна, не толькі кнігі :) Можа таму я рэдка чытаю нешта новае-свежае-незнаёмае, усё больш люблю перачытваць знаёмае і новыя кнігі знаёмых аўтараў. Але тут я вырашыла, што не прачытаць і потым шкадаваць - ня ёсьць правільна. І без прадмоваў і папярэдніх рэцэнзій паглыбілася ў кнігу.

паранойя

Тут не будзе спойлераў і рэцэнзій. Паспрабую без. Ні слова пра Коленьку. Я чытала кнігу дзьве ночы ці каля таго, напісана лёгкай, хоць і закручанай мовай, з мільёнамі літаратурных абаротаў, якія не замінаюць воку, а наадварот, па вушы зацягваюць у атмасферу.  Шмат разоў лавіла сябе за грымасамі тыпу "вялікія вочы" падчас чытання, бо эмоцый яна выклікае праз край. Напісана нечакана шчыра і незвычайна, ведаючы Марціновіча яшчэ па "БелГазеце", я чакала нейкіх такіх спляценняў словаў, а атрымалася, што тэксты ў газеце на фоне кнігі выглядаюць нават бедна. Знайшла дзесяткі асабістых блізкіх паралеляў (вельмі спадабаўся ўрывак пра качак на Свіслачы), прычым дзеянні адбываюцца ў сапраўдным Менску, з амаль усімі сапраўднымі адрэсамі і назвамі ("Вуліца Маркса і Спэнсара", хех), з замененымі, але зразумелымі імёнамі (Мураўёў... зразумела не адразу нават). У кнізе так шмат болю, эмоцый і нашай, МЕНСКАЙ рэчаіснасці, што час ад часу я адрывалася ад чытання, каб перавесці дух. А апошнія старонкі чытала збіваючыся, хутка, старалася вытрымаць, ня плакаць, прынамсі, да апошняга радка...

Усе падзеі, героі, сітуацыі - усё настолькі рэальнае, сапраўднае, усё тое, пра што калісці выпадкова думалася, але са страхам, нават з жудасьцю я адганяла такія думкі ад сябе, не давала сабе думаць на гэтую тэму шмат, не хацела ўяўляць сябе хоць нейк звязанай з такой рэчаіснасцю... Гэту кнігу зразумеюць не ўсе: шмат хто падумае, што ўсё гэта - суцэльная прыдумка і гіпербалізм, але тыя з вас, каму знаёмае паняцце "паранойя" у беларускіх рэаліях - вы зразумееце. Зразумееце - і пашкадуеце, што зразумелі.

Імгненны асадак пасля кнігі: роспач, жаданьне бегчы далей адсюль, вочы аўтаматычна аглядаюць пакой на наяўнасць "жучкоў", аналіз усіх наступных фраз у кватэры, з улікам, што гэтыя словы заносяцца ў вашу асабістую справу... Потым адпускае. Але не адразу.

Пра гэту кнігу будзе шмат размоваў. Не думаю, што яе забароняць. Проста з-за таго, што ў ёй апісаны паралельны сусвет, а не нармальная стабільная Беларусь. Выглядае занадта вусцішна для таго, каб быць праўдай. І так падумае большасць. Але раю ўсё ж паспяшацца з чытаннем і замовай у онлайн-кнігарнях.

Таксама чытайце

Пакіньце каментар