Год быў інфармацыйна цяжкім і адначасова шчаслівым і духоўна бяздонным. "Через Север, через Юг, возвращайся, сделав круг" - жыццё замкнулася ў вялікую пятлю, і пад канец года гэтая пятля распуталася і пайшоў новы, незнаёмы мне зусім дагэтуль віток. Віток, калі ўсе дэкарацыі рэзка згубілі сэнс і надыйшло доўгачаканае "шчасце ўнутры": безумоўнае і натуральнае. У гэтым мне дапамаглі любімыя сябры, свабода і Варшава. Менавіта тут атрымалася злавіць прыход гэтага сапраўднага шчасця :)
- Не ўлічваючы краіны, дзе я ўжо была, у 2011 годзе былі новыя краіны: Швецыя, Эстонія, Фінляндыя, Італія, Ватыкан, Швейцарыя, Егіпет. Таксама поўдзень Польшчы (польскія Карпаты) і Чырвонае мора, з не_новага - Познань і Гданьск, Вільня, Берлін, зноў жа Талін.
- Першы Новы год, адсвяткаваны ў Еўропе і на свежым паветры з шампанскім і феерверкамі :) У Стакгольму. 2012 планую сустракаць гэтак жа!
- Было своеасаблівае "вяртанне да вытокаў": гомельскія старыя сябры, рэгулярныя душэўныя сустрэчы нашай кампаніяй ад 1 сакавіка і пакуль усе не разляцеліся хто куды на заробкі з-за сітуацыі ў краіне...
- Новыя моцныя сувязі паміж людзьмі: дзякуй табе, Божа, за інтэрнэт і сацыяльныя медыі - можна быць разам нават праз сотні кіламеітаў, ды што сотні: нават праз ядро Зямлі...
- Інфармацыйныя перажыванні, бяссонніца і праца па начох з-за падзеяў у краіне: выбух у метро, маўклівыя пратэсты, эканамічны крах, суды, палітвязні, Бяляцкі, Канавалаў & Кавалёў, радыё-тролінг, БАТЭ, Femen, прэс-канферэнцыі Лу і г.д. А таксама арабская вясна і ганенні дыктатараў.
- Атрымала прэмію YouSmi за лепшае відэа, .
- 10 год сястронычу :)
- Дзьве вельмі атмасферныя і пазітыўныя тусоўкі: Медыябаркэмп і Кангрэс беларускай дыяспары. Ну і вельмі неблагая падборка людзей падчас выбараў у Егіпце)
- Вучоба: вывучэнне польскай, атрыманне статуса "абсальвэнт" і напісанне магістэркі - пакутліва, доўга, нудотна, але трэба. абараніць планую не пазней за вясну 2012.
- Аддала першую лепшую сяброўку замуж
- Атрымала першую працоўную візу
- Мой блог паказалі па БТ у праграме "Асцярожна, правакацыя!" :D
- Кіношныя, магічныя, нерэальныя рамантычныя гісторыі. Off the record, лепшыя сябры ў курсе ;)
- Апгрэйд усёй тэхнікі для працы.
- Праца міжнародным назіральнікам на выбарах у Егіпце! Гэта, канешне, было леген... чакай-чакай-чакай.. -дарна! ;) Напэўна, гэта сапраўды было апагеям году ва ўсіх сэнсах.
- пачала вучыцца маляваць.
Ляжала і думала ў цягніку, што б папрасіць у Дзеда Мароза. І дайшло, што мне ўпершыню нічога ад Новага году не патрэбна. У мяне ёсць усё і ёсць усё для таго, каб было ўсё астатняе ;) Самае каштоўнае - гэта цудоўныя людзі, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш! Але вось маю складанасці з чытаннем папяровых кніг (а ўлічваючы, колькі чытала калісці даўно, то вельмі хочацца сабе гэты скіл вярнуць назад). Таму, напэўна, адзінае маё рэальнае матэрыальнае жаданне зараз - гэта Кіндл :)))
З НОВЫМ ГОДАМ, СЯБРЫ! Няхай ён у вас будзе святочным, негледзячы ні на што і няхай з 1 студзеня ўсё будзе лепш і лепш, вы ўжо пастарайцеся, бо ўсё нашае шчасце - унутры нас, трэба толькі выпусціць! Шчырасці, сонца, позіркаў, абдымак, свежага паветра вам ад мяне!
